Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка афіцыйна замацаваў тэматыку 2026 года, падпісаўшы Указ нумар 1 аб аб'яўленні Года беларускай жанчыны. Дакумент надае статус дзяржаўнай ініцыятыве, аб якой кіраўнік дзяржавы раней паведаміў у навагоднім звароце да грамадзян.

Як вынікае з тэксту ўказа, рашэнне прынятае з мэтай фармавання цэласнага нацыянальнага вобразу беларускай жанчыны  — як працаўніцы, маці, прафесіянала і захавальніцы грамадскіх і культурных каштоўнасцяў. У дакуменце падкрэсліваецца значная роля жанчын у развіцці краіны, умацаванні сям'і, эканомікі, навукі, адукацыі і сацыяльнай сферы. 

Асобная ўвага, як чакаецца, будзе нададзена пытанням падтрымкі мацярынства, занятасці жанчын, іх удзелу ў грамадскім і прафесійным жыцці, а таксама папулярызацыі дасягненняў беларусак у розных сферах - ад прамысловасці і сельскай гаспадаркі да культуры і спорту.